Чым пастанова здзівіла гледачоў, чаму праца над спектаклем была няпростай для актораў і аўтараў і як Францішак Скарына змяніў нашу парадыгму.


16 кастрычніка адбылася прэмʼера «1517» – жыццёвай драмы доктара Францыска Скарыны, перакладчыка і выдаўца першай беларускай кнігі – Бібліі. Менавіта так апісваюць яе самі аўтары. Мы не занадта перабольшым, калі скажам, што гэты спектакль – адзін з самых прыкметных культурніцкіх праектаў у гонар #500год скарынаўскай Бібліі.

Як і на «трэніровачным» перадпрэм’ерным паказе ў жніўні, у гэты раз зала Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі была поўнай. Квіткі раскупілі так хутка, што арганізатары мусілі прызначыць яшчэ два паказы да канца юбілейнага 2017 года – 11 лістапада і 4 снежня. У вас яшчэ ёсць магчымасць пабачыць «1517» на ўласныя вочы!

У параўнанні з папярэднім паказам у пастанове адбыліся невялікія змены, які закранулі другасных персанажаў, але галоўная сюжэтная лінія засталася некранутай. «1517» – гісторыя пра незнаёмага, нечаканага Скарыну. Пра чалавека, якога непакоіць уласнае прызначэнне і турбуе пытанне зла ў свеце, і толькі потым – паспяховага «стартапера», які наватарскім учынкам упісаў сваё імя ў гісторыю.

У п’есе знайшлі адлюстраванне складаныя канфлікты паміж верай і навукай, паміж бацькамі і дзецьмі, паміж марай і прагматычным падыходам да жыцця, але і камедыйных момантаў хапала! Гледачы з радасцю адказвалі на трапныя жарты смехам.

Увогуле, атмасфера на «1517» была ўтульная і добразычлівая. І гэта не дзіўна: добрая палова актораў – гэта аматары, і іх энтузіязм, натхненне гісторыяй адчуваліся.

Мы завіталі да актораў за кулісы і падглядзелі, як яны амаль па-сямейнаму дапамагалі адзін аднаму рыхтавацца да выхаду на сцэну, падбадзёрвалі, жартавалі.

«Які прыемны калектыў!» – не маглі не сказаць пасля спектакля супрацоўніцы тэатру. І яны дакладна мелі рацыю! 

Прэм’ера «1517» у пастаноўцы Паўла Харланчука і Змітра Бейнарт-Саладухі па п’есе Аляксея Шэіна і Андруся Унучака завяршылася авацыямі і патрабаваннямі глядацкай залы вывесці рэжысёраў на сцэну.

На жаль, ані Павал, ані Зміцер на сцэну не выйшлі, але мы паспелі пагутарыць з адным з іх, а таксама запытацца пра ўражанні ад пабачанага ў некалькіх гледачоў.

Уладзімір і Юля. Студэнты БДМУ

«Мы ўбачылі па-новаму Скарыну і задумаліся, ці ён залічаны ў лік святых?»


Для нас пастанова сталася нечаканасцю. Мы чакалі гістарычную пастанову, а пабачылі цікавую філасофскую і нават духоўную зʼяву. Такое ўражанне, што аўтары хацелі дагрукацца да сэрцаў гледачоў, не проста адказаць, але задаць няпростыя пытанні. Мы ўбачылі па-новаму Скарыну і задумаліся, ці ён залічаны ў лік святых?

Аляксандр і Ірына Худабчонак. Аўтацэнтр «Лаг-сэрвіс»

«Не думалі, што 500 год таму ўся справа Скарыны была настолькі складанай і нават небяспечнай».


Пастановы Паўла Харланчука заўжды інтрыгуючыя і цікавыя. Было прыемна бачыць цэлую плеяду знаёмых і выдатных актораў. Да пастановы мы думалі, што Скарына проста 500 год таму нешта напісаў і пераклаў, а «1517» дала новы погляд. Уразіў глыбокі сэнс. Я не думала, што 500 год таму ўся справа Скарыны была настолькі складанай і нават небяспечнай.

Аляксандр Курмаеў. Пастар царквы «Адраджэнне»

«Буду запрашаць усіх знаёмых, якім варта паглядзець "1517"».


Прыехаў сюды ажно з Берасця, каб паглядзець «1517». Я ехаў з пэўным чаканнем, але стаю проста ў шоку, што пабачанае пераўзыйшло мае чаканні. Спадабалася ідэя перакрыжавання мінулага і сучаснасці. Быццам маем разрыў 500 год, але мы жывем у сучасным.

Пастанова не сканчаецца хэпі-эндам, але глядач пасля прагляду можа задумацца, на якім ён баку і можа далей разважаць. Цяпер я чакаю і спадзяюся, што гэтая пастанова прыедзе да нас у Берасце. Думаю, што зараз буду тэлефанаваць жонцы і цешчы і запрашаць усіх знаёмых, якім варта паглядзець «1517».

Сафія. Школьніца

«Захацелася не сядзець у зале, а дапамагаць Скарыну».


Мне спадабалася пастанова і тое, як елі і кінулі агурок. Нас уразіў Скарына. Я ўпершыню прачытала пра яго ў падручніку «Мая Радзіма Беларусь» за 4-ы клас. Але тут, калі бачылі пастанову, захацелася не сядзець у залі, а дапамагаць Скарыну. Раней мы ведалі, што ён быў друкаром і друкаваў на беларускай мове Біблію, якая раней была дасяжнай толькі на лаціне, а яшчэ высветлілі, што ён лекар. Здзівіла, як ён думаў, у якіх цяжкіх умовах жыў.

Макс і Воля Дуброўскія. Юрыст і выхавацель. Бацькі трох дзяцей

«Шкадуем, што не ўзялі дзяцей у тэатр».


Мы не першы раз чуем пра «500 год», але сёньня адчулі, што гэта такое. Я нядаўна нават удзельнічаў у прабегу #SkarynaRun. Атрымалася паглядзець на падзею з розных ракурсаў. Са школьных часоў глядзеў на Скарыну вельмі спрошчана: ну жыў, ну друкаваў… А тут пабачыў сапраўдны драматызм, перажыванні. Зараз шкадуем, што не ўзялі дзяцей у тэатр. Спадзяюся, у іх яшчэ будзе шанец пабачыць «1517».

Герман. Школьнік

«Не старонка падручніка, а жывы чалавек».


Я пабачыў сёння, што перада мной стаіць не старонка з падручніка, а сапраўдны чалавек. Я натхніўся, што ён усё робіць добра, што Скарына не злуецца на ўсіх. Скарына асабліва спадабаўся, што ён злаваўся, а потым сябраваў са сваім братам. Ён быў класным братам.

Зьміцер Бейнарт-Саладуха. Рэжысёр «1517»

«Працавалі не за грошы, але дзеля самой ідэі».


На жаль у Беларусі пра Скарыну ведаюць, але без падрабязнасцяў. Да мяне звярнуліся прадстаўнікі хрысціянскай супольнасці і прапанавалі такі цікавы праект да #500год.

Мы паспрабавалі паглядзець на тое, што ён і яго справа для нас сапраўды азначае. Мы знайшлі грань, што надрукаваўшы Біблію на зразумелай мове, ён прымусіў нас думаць пра гэта, не проста адчуваць штосьці, але наўпрост весці дыялог з Богам. І мы з’яўляемся нашчадкамі гэтай ініцыяцыі. Мы не можам проста пазбавіцца гэтай парадыгмы цяпер.

Складанасцяў у падрыхтоўцы выйшла шмат. Усе, хто працавалі, працавалі не за грошы, папулярнасць ці яшчэ штосьці, але дзеля самой ідэі і ўрачыстасці. На сцэне супрацоўнічалі як прафесійныя акторы, так і аматары.

Тэма апынулася для сур’ёзных развагаў у жыцці. «1517» – гэта не мас-маркет. Пастанова для сур’ёзнай адыторыі, якая ўмее думаць, якая крытычна можа паставіцца да таго, што наш свет не проста зʼявіўся ў выпадку выбуха.

Дзякуючы працы над пастановай, прыйшлося заглыбіцца ў абставіны жыцця, як жылося без каналізацыі і цэнтральнага ацяплення. І яно жылося. Пабачыў, што дух жыў і тады, а мабыць і мацней, чым цяпер.

Арцём Бабоўнікаў. Мастак, актор-аматар, выканаўца ролі Пятруся

«Было цяжка быць памочнікам Скарыны».


Я вельмі хваляваўся і сачыў больш за гульнёй калегаў-прафесіяналаў. Мне спадабалася, што людзі прыязна рэагавалі і шмат смяяліся. Мая роля мне вельмі спадабалася, бо прыйшлося быць Пятрусём, які хоча паказацца зоркай, якой ён не зʼяўляецца, хоча, каб уся ўвага была яму, пастаянна перабольшвае і падфарбоўвае нешта.

Мне было цяжка быць памочнікам Скарыны. Ён пастаянна ў нейкіх глыбокіх разважаннях, а мая задача была спусціць яго на зямлю. Мая задача была спыніць яго і вярнуць да бізнэса ці медыцыны. Навошта гэтыя разважанні?

Але насамрэч мяне ўразіла, што пастанова ставіць нас перад фактам, што мы разбіваемся часта на два лагеры, што ёсць Бог, і толькі на падставе Яго існавання мы маем сэнс жыцця, маем адрозьненне паміж дабра і зла. Бо людзі часта стараюцца надаць гэтым паняткам свой сэнс, апраўдаць зло.


Дарэчы, праект «500 год» ужо браў інтэрв’ю ў аднаго са стваральнікаў п’есы «1517» – пісьменніка Аляксея Шэіна. Аўтар распавёў нам пра падрыхтоўку пастановы, сваё стаўленне да Скарыны, а гэтак жа падзяліўся разважаннямі пра тое, чаго, на яго думку, не хапае беларусам.

 


Больш фотаздымкаў з прэм’еры «1517» можна знайсці на нашых старонках у Facebook і Вконтакте.

 

Чытайте таксама:
#SkarynaRun: Минчанин пробежит 500 км за 5 дней в честь Скорины
Любіць бліжніх і не ныць – чаму Нік Вуйчыч навучыў беларусаў
Telegram

Каб заставацца заўсёды на хвалі новых публікацый прапануем падпісацца на канал і атрымліваць паведамлення на Android, iOS, macOS, Windows і Linux