Будзь як Нік!


15 верасня сусветна вядомы хрысціянскі спікер, «чалавек без рук і ног» Нік Вуйчыч зрабіў сапраўдны аншлаг у Лядовым палацы Берасця. Дзеля таго каб павіншаваць беларусаў з 500-годдзем нацыянальнага друкаванага пераклада Бібліі, кнігі, якая змяніла яго асабістае жыццё, ён скасаваў паездку ў іншую краіну.

"

«Беларусь, ты асаблівая! – звярнуўся прапаведнік да трохтысячнай аўдыторыі, – Я хачу, каб вы ведалі, што сёння ўся мая радасць, весь мой супакой, уся мая надзея ў тым, што Ісус перамог смерць».

«Бог заўсёды на адлегласці ў адну малітву ад цябе». «Калі я чытаю Пісанне, я адчуваю, што Бог прамаўляе да мяне», – як заўсёды, Вуйчыч дзяліўся сваёй верай і шмат цытаваў Біблію.

Сапраўдную буру авацый спікер сарваў, калі распавёў пра тое, што яны з жонкай, з якой ужо гадуюць двух хлопчыкаў, чакаюць з’яўлення дзяўчынак-блізнятак.

Акрамя Вуйчыча адсвяткаваць 500-годдзе беларускай Бібліі ў Лядовым палацы дапамаглі гурт «Спасение» і Акадэмічны камерны аркестр Валынскай вобласці «Кантабіле».

Пасля мерапрымества каманда праекта #500год пагутарыла з берасцейцамі і папрасіла іх падзяліцца ўражаннямі ад сустрэчы з вядомым евангелістам.

Саша, 16 год, школьніца

"Набыла квіток і не пашкадавала".


Мяне захапіў Нік Вуйчыч, яго асоба і тое, што ён веруючы. Я набыла квіток і не пашкадавала.

Больш за ўсё мяне ўразіла ягоная адкрытасць. Ён, нягледзячы на «недахопы», не саромецца, але падбадзёрвае і служыць людзям. Ён паказвае людзям-інвалідам і іншым людзям, што, нягледзячы на свой выгляд ці абмежаванні, ты можаш дасягнуць чагосьці, што цябе любіць Госпад і гэта галоўнае.

Мікола Буракоў, 38 год, займаецца накапіцельным страхаваннем

"Любіць сваіх бліжніх і не ныць".


Мяне запрасіў мой лепшы сябра. Падарыў квіток на дзень народзінаў.

Я не шкадую, што я тут сустрэўся з Нікам Вуйчычам. Я па жыцці чалавек самаматывацыйны. Я прыехаў і пераканаўся, што не трэба ныць, але сабрацца і жыць. Нават калі ты прыехаў з Пінска, з Палесься. Любіць сваіх бліжніх і не ныць.

Ірына Ткачук, 51 год, бухгалтар

"Уразілі прастата і падыход Вуйчыча".


Мы прыйшлі сёння ўсёй сям’ёй. Апынуліся ў шэрагу арганізатараў і прыемна ўражаны, што атрымалася прывезці ў Берасце Ніка Вуйчыча, як расхапалі квіткі і арэна была цалкам запоўнена.

Мяне ўразілі прастата і падыход Вуйчыча і як наш народ яго ўважліва слухаў. Спадзяюся, гэта было карысна.

Лёша, 28 год, працуе ў тэхпадтрымцы на сайце крыптавалют

"Не толькі сябе цягнуць, але і іншым дапамагаць".


Я ў вазку ўжо 9 год. Няўдала скочыў у ваду, калі пайшоў купацца. Гэта было вельмі нечакана. Канешне, для мяне гэтае здарэнне было цяжкім, але родныя не пакінулі і падтрымлівалі моцна.

Гэтая сустрэча стала добрым абадзёрваннем, мне вельмі спадабалася. Я хацеў паглядзець і паслухаць, што тут будзе адбывацца, і выпала такая магчымасьць.

Раней я толькі чуў пра Ніка Вуйчыча, глядзеў відэа, чытаў кнігі. Мяне ўражвала ягонае стаўленне да жыцця і энергічны пасыл. Хочацца цяпер жыць так і мець моц, каб не толькі сябе цягнуць, але і іншым дапамагаць.

Аляксей, 17 год, школьнік

"Атрымаў шмат «ежы» для таго, каб асэнсаваць сваё жыццё".


Пра Ніка Вуйчыча я даведаўся, калі мне было 14. Вельмі хацеў з ім сустрэцца. Я не думаў, што здолею калі-небудзь пабачыць такога чалавека, які жыве ў ЗША, і што ён і прыедзе не проста ў Мінск, але ў Берасце, да нас.

Тут я атрымаў шмат «ежы» для таго, каб асэнсаваць сваё жыццё.

Ліля, 27 год, цырульнік

"Пасля сустрэчы набыла дзве Бібліі".


Раней толькі чула пра Ніка Вуйчыча. Ён здзівіў мяне, адкуль ён мае столькі сілаў і натхнення? Што нават нас прыехаў натхніць і яшчэ так адкрыта і проста.

Апроч таго, на гэтым вечары, я змагла атрымаць старонку Бібліі, надрукаваную Скарынавым спосабам, і пасля сустрэчы набыла дзве Бібліі.

Руслан Сабчук, праходзіць тэрміновую службу

"Было б класна, калі б у рабят з вайсковай часткі была магчымасць паслухаць Ніка".


Мяне ўразіла, што мы адныя з першых у свеце надрукавалі Біблію на роднай мове. Для мяне сёння было абадзёрванне: усе мы атрымалі прыклад, як праходзіць выпрабаванні. Я не шкадую патрачаныя 25 рублёў, я б яшчэ даплаціў, калі б яшчэ такая сустрэча прайшла. Бо, на жаль, была абмежаваная колькасць месцаў, а шмат людзей хацелі быць часткай гэтага.

Я сам з Кобрына, служу зараз у Слуцку ў войску, праходжу тэрміновую службу. Там безумоўна вельмі шмат цяжкасцяў. Фізічна не так складана, колькі складана маральна. Там вельмі шмат пакалечаных і маральна прыгнечаных людзей. Было б класна, калі б у рабят з вайсковай часткі была магчымасць паслухаць Ніка.


Дарэчы, адмыслова для праекта #500год Нік распавёў, як пачаў чытаць Біблію, і чым гэтая кніга ўражвае яго больш за ўсё.

Чакайце відэа хутка на нашым сайце і на старонках у сацсетках!

Чытайте таксама:
Спектакль «1517»: Скарына, якім вы яго не ведалі
#SkarynaRun: Минчанин пробежит 500 км за 5 дней в честь Скорины
Telegram

Каб заставацца заўсёды на хвалі новых публікацый прапануем падпісацца на канал і атрымліваць паведамлення на Android, iOS, macOS, Windows і Linux