Амаль двухметровая Біблія і іншыя Скарынаўскія плюшкі прэзэнтавалі ў Гістарычным Музэі.

На жаль фонды айчынных музэяў асабліва не могуць пахваліцца наяўнасьцю скарынаўскіх артэфактаў. Агулам, паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі знаходзяцца ўсяго 28 кніг, надрукаваных знакамітым палачанінам. Мы не можам прыйсьці, як амэрыканцы ў будынак Нацыянальнага Архіва, каб пабачыць тытульныя аркушы старадаўняй Канстытуцыі ці змахнуць сьлязу пасьля прачытаньня радкоў пра “рыб, якія ведаюць свае віры і птушак, якія ведаюць свае гнёзды”.

Дагэтуль галоўны гістарычны музэй краіны мог пазнаёміць наведвальніка са Скарынам толькі з дапамогай воскавай фігуры першадрукара і бутафорскім варштатам, копіяй таго, на якім у Празе быў 500 гадоў таму надрукаваны знакаміты Псалтыр.

У канцы жніўня супрацоўнікі Нацыянальнага Гістарычнага Музэя паабяцалі здзівіць і ўвасобіць самыя сьмелыя мары скарынафілаў у межах адной экспазыцыі. Каманда #500год не спалохалася зацяжнога дажджу, кінула выклік стыхіі, наведала адкрыцьцё “Скарынаўскага кутка” і не пашкадавала. Мы знайшлі ажно тры новых рэчы, а намесьнік дырэктара нават анансаваў зьяўленьне адмысловай фотазоны.

У межах адкрыцьця выставы супрацоўнікі музэя разыгралі перад нешматлікімі гледачамі кароткую пьесу, прысьвечаную праблемам кнігадрукаваньня ў XVI ст. Героем гісторыі стаўся сам Скарына, які спачатку перамог спекулянтаў-перапісчыкаў, а потым дапамог маладой дзяўчыне наталіць прагу чытаньня, змайстраваўшы варштат.

Дарэчы рэпліку дзейснага варштата прадставіў Юры Сухаў, які сабраў мадэль і прэзэнтаваў музэю. Цяпер аглядальнікам музэйнай экспазыцыі прадставіцца шанец за кошт уваходнага квітка атрымаць копію гравюры, якую адцісьне майстар наўпрост у прысутнасці наведвальніка.

У другой зале, прысьвечанай айчыннаму кнігадрукаваньню, можна будзе знайсьці адразу дзьве навінкі.

  1. Інтэрактыўнае падарожжа. З дапамогай вялізнага сэнсарнага экрана вы зможаце паўдзельнічаць у інтэрактыўным падарожжы па месцах Скарыны. Вы пабачыце мапу Эўропы пачатку XVI ст і пабываеце ў Капэнгагене, Падуі, Празе і іньш.
  2. Асаблівай фішачкай экспазыцыі сталася амаль 2-ух метровая Біблія Скарыны, праекцыю якой з дапамогай сэнсарнага маніпулятара можна будзе пагартаць. А калі быць дакладней, пабачыць можна толькі тры кнігі, надрукаваныя Скарынам у Празе ў тым самым 1517-м.

Ад 24-га жніўня знайсьці Біблію, станок і самога першадрукара можна будзе на першым паверсе Нацыянальнага гістарычнага музэя, адразу за выставай першабытнай гісторыі Беларусі. Воляй фантазіі супрацоўнікаў музэя, вы на ўласныя вочы зможаце пабачыць, які прарыў у гісторыі зьдзейсьніла Біблія.

Чытайте таксама:
#SkarynaRun: Минчанин пробежит 500 км за 5 дней в честь Скорины
Любіць бліжніх і не ныць – чаму Нік Вуйчыч навучыў беларусаў
Telegram

Каб заставацца заўсёды на хвалі новых публікацый прапануем падпісацца на канал і атрымліваць паведамлення на Android, iOS, macOS, Windows і Linux