“У нас нават Лукашэнка няма, а вы пра Скарыну кажаце…”

На пачатку жніўня нам падавалася, што пазнавальны вобраз Францішка Скарыны – яскравы берэт, натруджаныя рукі з Кнігай ды неахайныя вусы – будуць глядзець на нас з кожнай шыбы. Аднакш, падаецца, нешта пайшло ня так…

Каманда #500год вырашыла праверыць, як асноўныя сувенірныя кропкі ў цэнтры сталіцы падрыхтаваліся да сёлетніх урачыстасцей. Вынікі агляду крамаў уздоўж праспекта, які яшчэ нядаўна насіў імя Першадрукара, нас, мякка сказаць, шакаваў. Знайсці Скарыну ў Менску апынулася няпроста.

Нам прыйшлося корпацца ў зграмаджэннях прадукцыі Добрушскага керамічнага прадпрыемства і даведацца, што вырабы з выявай Скарыны карыстаюцца меншым попытам, чым кубачкі з лагатыпам “Я люблю Верачку”, шукаць цень асветніка сярод вышыванак ды вышымаек, доўга тлумачыць у мастацкай галерэі, што нам патрэбны Скарына, а не такі ж бронзавы друкар, толькі Пётр Мсціславец і засталося толькі паціскаць плячыма на адказ прадавачкі: “У нас нават Лукашэнка няма, а вы пра Скарыну кажаце…”

Свой агляд мы вырашылі пачаць з буйной кнігарні.

“Акадэмкніга”

Сярод тысяч выданняў тут можна знайсці ажно 6 прысвечаных 500-годдзю кнігадрукавання, адно з якіх выйшла ў далёкім 1994-м. За 45 рублёў цікаўны чытач можа прыдбаць найноўшае выданьне “Сусветная спадчына Францыска Скарыны”.

Пад кніжнымі заваламі адной з паліц нам нават удалося адкапаць каляндар з выявай помніка славутаму палачаніну каля Нацыянальнай Бібліятэцы, які можна прыдбаць усяго за 2 рублі. На жаль асаблівых адзнак ці рэкламы ўрачыстай гадавіны ў акадэмічнай кнігарні мы не знайшлі, хаця пабачылі на самым уваходзе запрашэнне на вечар “Рускага раманса”…

Ідзем далей.

Шапік “Белсаюздрук”

Шапік пасяліў у нас надзею на цікавыя знаходкі праз рэкламны плакат у гонар 500-годдзя, аднакш не апраўдаў яе. Папіросы, газэты, гульнявыя карты, раманы Дар’і Данцовай і гісторыя царскіх дынастый Расеі апынуліся больш важнымі за Скарыну ды Біблію.

Гандлёвы Цэнтр “Маскоўска-Венскі”

Далей мы выправіліся да гандлёвага цэнтра “Маскоўска-Венскі”, у якім збіраліся зазірнуць адразу ў дзве адмысловыя крамы.

“Symbal.by”

Знакамітая сувенірная крама з буйным асартыментам кубачкаў з гербамі гарадоў, сярод якіх вы можаце знайсці нават Глуск, процьмай вышымаек, крафтавых чаёў, хэнд-мэйд гаманцоў нас на жаль не змагла парадаваць. Асыстэнт змагла выявіць толькі сціплае рускамоўнае выданьне пра сымболіку выданьняў Скарыны, а таксама адшукаць цень помніка першадрукару сярод трактароў, хакеістаў і г.д. на сувенірнай торбачцы.

“LSTR”

А вось Шоў-рум маладога менскага брэнду вельмі парадваў. Да юбілею кампанія выдала адразу тры рэчы: стылёвы зіпер з асабістым сыгнэтам Скарыны, світшот і цішотку. На дадзены момант у наяўнасці засталіся толькі апошнія памеры цішотак.

ЦУМ

Галоўны ўнівермаг горада не расчараваў, тут Скарыну мы нарэшце знайшлі, але для гэтага прыйшлося папацець. Спачатку мы наўпрост накіраваліся ў сувенірны аддзел на другім паверсе. Пасьля кароткага агляду магнітаў з бусламі ды багатай фаўнай Беларусі, безлічы матрошак ды іньшых саламяных жанчын з ільнянымі снапамі ў руках мы рашуча запыталіся ў прадавачак: “А дзе жа Скарына?” Жанчына разгублена абвяла вачыма прылавак, развяла рукамі: “Няма ў нас Скарыны…” і ўрачыста адмовілася фатаграфавацца.

Пасля кароткай паўзы яня ўсё-ткі накіравала нас на першы паверх у аддзел керамікі і не памылілася.

“Аддзел керамікі”

Нашыя позіркі доўга сканавалі шэрагі са шклянымі ды керамічнымі кубачкамі на наяўнасць хоць якіх слядоў першадрукара, у чым нам дапамагалі ажно дзве спрактыкаваныя жанчыны. Нам некалькі разоў прапаноўвалі набыць нешта накшталт “Я люблю Верачку” ці “гуляй у хакей – будзеш чэмпіёнам!”, але мы былі непахісныя ў жаданьні знайсці абяцанага Скарыну.

Пасля доўгіх пошукаў мы адкапалі жаданы выраб Добрушскай фабрыкі, якая ледзьве не адзіная у Беларусі падрыхтавала вось такі кубак, які вы яшчэ паспееце набыць.

“Сілуэт”

На жаль у вядомай сувенірнай краме “Дарэчы” мы слядоў доктара Францішка не знайшлі, затое там можна адкапаць шмат чаго цікавага на беларускую тэматыку.

“Падземка”

У дадзенай краме можна здабыць плюшавага дэсантніка-аленя, калядную ляльку, фатэль-грушу, але Скарына нот фаўнд.

Галерэя “Ў”

Тут мы спадзяваліся знайсці цэлую лінейку Скарын – ад фірмовага Скарпучына да нестандартных сувеніраў у краме “Ў”, але правёўшы дэталёвы агляд знайшлі каштоўны пераклад прадмоў Скарыны ад Алеся Разанава – і на гэтым кропка.

“Прабачце, Скарыны ў нас няма…” – ветліва адказвае асыстэнт.

Гандлёвы Цэнтр “Сталіца”

Турыстычная Мекка для гасьцей з іншаземных абласцей прывітала нас плакатам на шыбе шапіка “Белсаюздрук”, а праводзіла выявай Скарыны на магніце з “Нацыянальнай Бібліятэкі”. “Няма ў нас Скарыны,” - даносіцца адусюль.

З гандлёвага цэнтра мы адразу накіраваліся да…

“Галоўпаштампт”

Тут нас чакала адразу некалькі сюрпрызаў. Па-першае, мы адразу знайшлі сьляды таго, каго шукалі. Па-другое, нам прыйшлося веееельмі доооўга чакаць на адміністрацыю ўстановы, якая дала санкцыю на здымкі. А па-трэцяе, мы даведаліся ад адміністрацыі, што такое “россып Скарыны”.

Тут можна набыць і калекцыйную марку з першадрукаром, і капэрту “Першы Дзень”, і нават капэрту з маркай у рамцы! Прысутнасць Скарыны, якога можна паслаць ва ўсі канцы свету нас моцна ўразіла, і мы рушылі далей да мастацкай галерэі на Праспекце.

Мастацкая Галерэя“АРТ”

Пасля пытання, ці ёсьць у галерэі Скарына, кемлівая асыстэнт скіравала нас да яшчэ аднаго друкара, паслядоўніка Скарыны – Пятра Мсціслаўца, бронзавую выяву якога можна набыць у дадзенай установе ўсяго за 2,500 рублёў.

Жанчына доўга здзіўлялася, у чым жа розніца паміж адным і другім, пасля чаго прапала на некалькі гадзін і ашчаслівіла доўгім і гучным выгукам з-за “касы”: “Ёсьць! Хадзіце сюды!”

Пакуль мы спрабавалі ўцяміць, што адбываецца, прадстаўнік мастацкай галерэі ўжо дэманстраваў вось такі керамічны выраб працы кераміста Аляксандра Зіменка, на які адразу звярнула вагу кітайская дэлегацыя, якая аглядала экспазіцыю.

"Кнігі і кніжачкі"

У кнігарні "Кнігі і кніжачкі" (былыя "Падпісныя выданні") асартымент істотна не адрозніваўся ад “Акадэмкнігі”, але"Сусветную спадчыну Францыска Скарыны" тут прадаюць на 10 рублёў танней.

Акрамя таго, тут, у адрозненні ад канкурэнтаў,можна знайсці папяровы сцяжок “500 год кнігадрукаванню”, які відавочна не сорамна прэзентаваць замежнаму госцю, а таксама фірмовыя плакаты, шчодра расклееныя па шапіках БелСаюзДрук у горадзе.

“Цэнтральная кнігарня”

Унутр гэтай установы нас завабіў зайсці аграмадны прыгожы плакат да “500-годдзя”. Нашыя стомленыя ад доўгіх пераходаў ногі наліліся сілай і надзеяй у прадчуванні каштоўных знаходак…

Аднакш, апроч шэрагу друкаваных выданняў, прадстаўленых у іншых крамах, нам удалося знайсці толькі куцы нататнік з Сымонам Полацкім, вінільны магніт ды паштоўку са Скарынам. Асыстэнт сказала, што ў кнігарні былі яшчэ крафтавыя нататнікі, якіх ужо не засталося ў продажы.

“Лянок”

Ад адказаў у знакамітай рамеснай сувенірнай краме нам засталося толькі развесці рукамі… “Няма Скарыны, шукайце ў іншых месцах”.

Гандлёвы Цэнтр “Купалаўскі”

На жаль, адсюль мы таксама сыйшлі ні з чым. У крамцы Алеся Мазаніка “Імбрык” не знайшлося сувенірных вырабаў… Ні табе спінэра з маладзіком, ні чахольчыка з сыгнэтам…

Чыгуначны Вакзал

На заканчэнні нашага агляда мы рынуліся няводдаль ад праспекта да чыгуначнага вакзала ў надзеі хоць там нешта знайсці. Але ні вакзал, ні гандлёвы цэнтр “Галілеа” нам ні чым не дапамаглі.

Самым яркім уражаннем стала размова сярод вазальных прэрый са шклянымі катамі і парцалянавымі сланамі са сталай прадавачкай. “А чаму вы пра Скарыну пытаеце? У нас заходзяць турысты і пра Лукашэнка пытаюцца… А ў нас няма. А вы яшчэ пра Скарыну пытаеце. Хто ж яго купляць будзе”.

На тым і развіталіся з прывакзальнай крамай і аглядам сувеніраў, шчодрападрыхтаваных да вялікага Юбілея.

На жаль, мы мусім канстатаваць: калі вы вырашыце павіньшаваць сяброў, калег ці знаёмых з замежжа з 500-годдзем беларускай Бібліі і кнігадрукавання, хутчэй за ўсё, вам прыйдзецца рабіць нешта сваімі рукамі.

Чытайте таксама:
Спектакль «1517»: Скарына, якім вы яго не ведалі
Telegram

Каб заставацца заўсёды на хвалі новых публікацый прапануем падпісацца на канал і атрымліваць паведамлення на Android, iOS, macOS, Windows і Linux